Баўмайстэр Э., Майлз Ф. Як скласці бізнес-план газеты ў Беларусі - файл Baumaster_Business.doc

Баўмайстэр Э., Майлз Ф. Як скласці бізнес-план газеты ў Беларусі
Скачать все файлы (43.7 kb.)

Доступные файлы (1):
Baumaster_Business.doc466kb.01.05.2007 20:57скачать

Baumaster_Business.doc

  1   2   3   4   5   6
Эд Баўмайстэр, Фрэнк Майлз

Як скласці бізнес-план газеты ў Беларусі

Уводзіны

Бізнес-план называюць часам падарожнаю картай. І як ніводзін падарожнік не выпраўляецца ў незнаёмае месца, не зазірнуўшы ў дарожны атлас, так і ніякі бізнес не павінен пачынацца без папярэдне распрацаванага бізнес-плана. Але бізнес-план — гэта не толькі карта. Гэта і выратавальная камізэлька. Ён прадугледжвае сродкі, якія могуць потым вельмі прыдацца, калі справы ў вас пойдуць горш,— а такое ў бізнесе здараецца вельмі часта. Дзякуючы бізнес-плану прадпрыемства працуе болей стабільна, а значыць, з’яўляецца больш жыццяздольным і мае большыя шанцы для росту і паспяховага развіцця. Менавіта бізнес-план можа дапамагчы газеце дасягнуць рэальнае незалежнасці.

Але ёсць рэчы, якія бізнес-план забяспечыць не можа. Ён няздольны гарантаваць поспеху, хоць і можа павялічыць яго верагоднасць. Ён няздольны палепшыць эканамічныя ўмовы ў краіне, але можа палегчыць працу ў гэтых умовах. Ён няздольны забяспечыць большую колькасць чытачоў ці рэкламадаўцаў, але можа паспрыяць, каб і тых, і другіх у вас стала больш.

Сутнасць бізнес-плана простая: ён засяроджвае ўвагу на тых размаітых пытаннях, якія вашае прадпрыемства абавязанае вырашыць дзеля забеспячэння сваёй жыццяздольнасці, росту і паспяховага развіцця. І хоць бізнес-план патрабуе пэўных разлікаў, а ўжываная ў ім тэрміналогія можа быць для вас незнаёмай — каб яго скласці і потым прытрымлівацца, не трэба быць вялікім навукоўцам. Добра распрацаваны бізнес-план тычыцца не толькі вышэйшых чыноўнікаў прадпрыемства. Значныя яго часткі закранаюць кожнага супрацоўніка, ад якога залежыць поспех фірмы.

Існуюць сучасныя, але зусім не дарагія сродкі, якія значна палягчаюць складанне і кантроль за выкананнем бізнес-плана. Напачатку можа падацца, што разабрацца з кампутарнымі праграмамі з выкарыстаннем табліц (напрыклад, праграмай Excel) надзвычай цяжка, аднак пасля таго, як параметры такой табліцы зададзеныя, ёй могуць карыстацца і людзі без спецыяльнай падрыхтоўкі. Узоры такіх табліц прыводзяцца ў змешчаным ніжэй тэксце, а некалькі з іх, у выглядзе незапоўненых бланкаў, даюцца ў самым яго канцы.

Бізнес-план уяўляе сабой, урэшце, не больш як упарадкаваны спосаб кіравання звычайнай жыццёваю логікай. Ён узбройвае вас метадам, які дапамагае сачыць за тым, як развіваюцца вашыя справы, і ўносіць карэктывы, калі нешта ў іх пачынае ісці не так, як вы разлічвалі.

У залежнасці ад вашых патрэбаў бізнес-план можа быць болей ці меней складаным. Узор бізнес-плана, які прапануецца тут, — усяго толькі прыклад, у які вы можаце ўносіць свае змяненні. І, верагодна, па меры набыцця ў гэтай справе ўласнага досведу вы так і зробіце. Тое, што прапануем мы, — толькі адпраўны пункт вашага самастойнага падарожжа.

Частка 1: Пастаноўка задачы (Вызначэнне місіі)

Кожная бізнесовая арганізацыя павінна ведаць, у чым заключаецца яе дзейнасць. На першы погляд, здаецца, што ставіць такое пытанне — значыць пытацца пра нешта само сабой зразумелае: кожнае прадпрыемства і так ведае, чым яно займаецца. Але гэта не так. Хоць у цэлым на прадпрыемстве можа існаваць пэўнае ўяўленне пра тое, чым яно займаецца, але розныя яго супрацоўнікі зазвычай маюць наконт гэтага розныя меркаванні. У рэдактара, напрыклад, можа быць адно бачанне. У камерцыйнага дырэктара — другое. У журналістаў пункт погляду можа адрознівацца ад двух першых. А ў аддзеле распаўсюджвання могуць на гэта глядзець яшчэ іначай.

Ідэя вызначэння місіі заключаецца ў тым, каб дабіцца ад кожнага дакладнага разумення таго, што гэтая місія сабой уяўляе. Фармулёўка місіі, выкладзеная пісьмова, — найлепшы спосаб распачаць стварэнне бізнес-плана. Гэта прымушае розных менеджэраў аднаго прадпрыемства прыйсці да агульнай згоды. Цалкам натуральна, што пры гэтым можа ўзнікнуць маса дыскусіяў наконт таго, што гэтая місія мусіць у сабе заключаць. Можа адбыцца нават пэўнае супрацьборства поглядаў. Але пасля таго, як усе пагадзіліся з абранаю фармулёкай, вы можаце лічыць, што зрабілі надзвычай важны крок у кіраванні вашай газетай як бізнес-прадпрыемствам.

Пачынаючы будаваць бізнес-план, мы мусім адказаць сабе на наступныя пытанні: “Якая нашая мэта? Чаго мы хочам ад нашай газеты? Чаго збіраемся дасягнуць?” Мэты, якіх мы хочам дасягнуць, могуць гучаць, напрыклад, наступным чынам: “Мы хочам рабіць газету, якая давала б агляд усіх падзеяў, што адбываюцца ў нашым грамадстве. Мы хочам рабіць газету, якая давала б чытачам поўную інфармацыю пра падзеі як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Мы хочам, каб нашая газета друкавала крытычныя каментары дзеянняў урадавых структураў і інстытуцыяў, якія выступаюць ад нашага імя. Мы хочам, каб нашая газета была першай у распаўсюджванні самых розных навінаў: грамадскіх, палітычных, спартовых, культурных. Мы хочам, каб нашая газета не толькі інфармавала, але і забаўляла”.

Усе падобныя мэты павінны быць адлюстраваныя ў фармулёўцы місіі. Сфармуляваная такім чынам місія кладзецца ў аснову бінес-плана. Ясна ўсвядоміўшы, чым мы хочам быць, мы цяпер здольныя стварыць бізнес-план і выпрацаваць пэўную стратэгію дзеля дасягнення нашых мэтаў.

У працэсе вызначэння місіі можа выявіцца, што ў камандзе вашых менеджэраў існуюць розныя погляды наконт таго, чым канкрэтна займаецца вашае прадпрыемства. І гэта вымусіць вас правесці грунтоўнае абмеркаванне самага істотнага элемента ў існаванні вашага прадпрыемства: чым яно ўласна займаецца. Бо пакуль кожны ўдзельнік вашай каманды не ўсвядоміць, дзеля якой дзейнасці вашае прадпрыемства існуе, вы будзеце няздольны весьці паспяховую дзейнасць. Аднак, нягледзячы на тое, што ўдзел усіх супрацоўнікаў у вызначэнні місіі з’яўляецаа эфектыўным, апошняе слова павінна быць за дырэктар, які і мусіць у далейшым ужыць увесь свой аўтарытэт, каб астатнія прытрымліваліся прынятага рашэння.

Важна, каб фармулёўка місіі была даведзеная абсалютна да ўсіх супрацоўнікаў. Азнаямленне ўсіх з іншымі часткамі бізнес-плана — не абавязковае. Фінансавая інфармацыя, напрыклад, можа быць канфедэнцыйнай. Але фармулёўка місіі павінна быць вядомая кожнаму, хто працуе на вашу газету. Гэтаксама азнаёміцца з фармулёўкаю місіі мусяць мець магчымасць і карыстальнікі газеты, яе чытачы і рэкламадаўцы,— у тым аб’ёме, у якім гэта можа іх зацікавіць. Гэта павінен быць дакумент, якім вы маглі б ганарыцца. Неблагой думкай у сувязі з гэтым з’яўляецца стварэнне адмысловых плакатаў, якія вы маглі б вывесіць у памяшканнях рэдакцыі. Тады пра гэта будуць ведаць нават простыя вашы наведнікі, простыя чытачы.

Як жа выглядае фармулёўка місіі?

Кожная з іх будзе мець свае асаблівасці, як маюць свае асаблівасці ўсе газеты і ўсе грамадствы. Няма «правільнай» або «няправільнай» фармулёўкі місіі. Такую фармулёку можаце скласці толькі вы самі, зыходзячы з вашага разумення таго, чым вы займаецеся і дзеля чаго.

Вось прыкладныя ўзоры таго, як можа выглядаць фармулёўка місіі:

  1. Мэта нашай газеты — як мага больш поўнае забеспячэнне грамадзянаў, яе чытачоў, надзейнай і найбольш важнай інфармацыяй, якая закранае ўсе сферы іх жыццёвых інтарэсаў — сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных.

  2. Мэта нашай газеты — служыць пасярэднікам паміж рэкламадаўцамі, змяшчаючы іх рэкламу, адрасаваную нашым чытачам, і нашымі чытачамі, як іх патэнцыйнымі кліентамі.

  3. Мэта нашай газеты — забеспячэнне чытачоў праўдзівай інфармацыяй, якая абапіраецца на факты, усебакова праверанай і аб’ектыўна пададзенай. Пры публікацыі крытычных матэрыялаў, што закранаюць пэўных асобаў або інстытуцыі, уся інфармацыя будзе выключна дакладнай і выверанай. Калі крытычныя матэрыялы, што закранаюць пэўных асобаў або інстытуцыі, падрыхтаваныя нашымі супрацоўнікамі, у гэтым жа матэрыяле будзе дадзеная магчымасць выказаць свой пункт погляду і крытыкаванаму боку.

  4. Нашая газета будзе падтрымліваць усе сумленныя і вартыя таго ініцыятывы ў нашым грамадстве — у сацыяльнай, прадпрымальніцкай, палітычнай і культурнай дзейнасці.

  5. Штатным супрацоўнікам нашай газеты можа быць толькі той, хто будзе імкнуцца да высокага прафесіяналізму ў той сферы, якой займаецца.

  6. Нашая газета лічыць сваіх чытачоў і рэкламадаўцаў за сваіх спажыўцоў і будзе ставіцца да іх з павагаю і абыходлівасцю, годнымі нашай прафесіі.

  7. Нашая газета будзе аб’ектыўнай і пазапартыйнай, адкрытай для выяўлення ўсіх пунктаў погляду, не выяўляючы пры гэтым сваёй прыхільнасці да якога-небудзь з іх. Калонка рэдакцыйнае пошты будзе аднолькава адкрытай для ўсіх.

  8. Нашая газета будзе імкнуцца быць важнаю і нават неабходнаю часткай жыцця нашых чытачоў і рэкламадаўцаў.

  9. Кіраўніцтва нашай газеты будзе заўжды адкрытым для сустрэч з грамадскасцю.

  10. Нашая газета ўяўляе сабой установу нашага грамадства, і ў кожным сваім нумары яна будзе імкнуцца быць годнай установаю нашага грамадства.

Хоць прыведзеныя вышэй прыкладныя тэзы, безумоўна, занадта абстрактныя для вашай канкрэтнай газеты, але яны ілюструюць сабой тыя ідэі, што можа ўключаць у сябе фармулёўка місіі. Знайсці такую фармулёўку будзе няпроста. Вы павінны быць упэўнены, што вас падтрымліваюць астатнія члены кіраўніцтва. Найлепш, калі такая падтрымка дасягаецца шляхам кансэнсусу, але камерцыйнае прадпрыемства не абавязкова абапіраецца на дэмакратычныя прынцыпы — іначай кажучы, часам тут даводзіцца ўжываць і практыку дэмакратычнага цэнтралізму. Кіраўнік мае права навязваць сваю волю, хоць, безумоўна, калі патрымка так ці іначай можа быць дасягнутая праз кансэнсус, яму будзе лягчэй кіраваць прадпрыемствам і само прадпрыемства будзе мець больш шанцаў на поспех. І ўсё ж, як ужо было зазначана, галоўная роля, урэшце, тут належыць кіраўніку. На пэўнай стадыі абмеркавання фармулёкі місіі хтосьці павінен прыняць канчатковае рашэнне. І гэты хтосьці — кіраўнік прадпрыемства.

Фармулёка місіі можа легчы ў аснову больш канкрэтных унутраных інструкцыяў для персаналу, якія і будуць абапірацца на патрабаванні гэтае фармулёўкі. Сама фармулёўка не ўтрымлівае канкрэтных правілаў, якімі павінны кіравацца тыя, хто працуе ў газеце. А вось інструкцыі якраз і могуць існаваць менавіта для гэтага.

Інструкцыі, напрыклад, могуць зацвярджаць працоўны расклад, забараняць пэўныя паводзіны супрацоўнікаў, вызначаць тыя паводзіны, за якія супрацоўнік можа быць звольнены. Прыклад, які паказвае структуру адной з такіх інструкцыяў, можна пабачыць у Дадатку А.

Пасля таго, як фармулёка місіі зацверджаная, наступным крокам з’яўляецца вызначэнне структуры — выдзяленне асобных аддзелаў газеты. А тады кожны аддзел вызначае фармулёўку сваёй місіі, якая ўпісвалася б у галоўную фармулёўку місіі ўсёй газеты.

Структура большасці заходніх газетаў уключае пяць асноўных аддзелаў, у тым ліку:

Адміністрацыя, у якую ўваходзяць выдавец, заснавальнік, кіраўніцтва рэдакцыі, кіраўніцтва бухгалтэрыі.

Рэпарцёрска-рэдактарскі аддзел, у які ўваходзяць рэпарцёры, аглядальнікі, каментатары, адказныя за тэматычныя раздзелы/калонкі.

Рэкламны аддзел, які падзяляецца на дзве часткі:

Блочная рэклама, дзе займаюцца буйнымі рэкламнымі аб’явамі.

Тэкставая рэклама, дзе займаюцца менш ёмістымі (але высокапрыбытковымі) рэкламнымі аб’явамі тыпу абвестак.

Аддзел падпіскі і распаўсюджвання, які займаецца рознымі відамі распаўсюджвання газеты, а таксама камплектацыяй.

Вытворчы аддзел, у якім займаюцца наборам, вёрсткай і, калі газета мае ўласную друкарню, вырабам накладу.

Кожны такі аддзел мае звычайна свайго кіраўніка, падпарадкаванага галоўнаму рэдактару ці выдаўцу (заснавальніку) або іншай асобе, на якую ўскладаюцца функцыі выканаўчага дырэктара прадпрыемства. Схему, што паказвае структуру аддзелаў, можна знайсці ў дадатку Б (???).

Структура шмат якіх Цэнтральна і Усходнееўрапейскіх выданняў адрозніваецца ад вышэй прапанаванай. Мала ў каго, напрыклад, ёсць свае друкарні, а значыць, няма й адпаведных супрацоўнікаў. (Схема ў дадатку Б – толькі прапазіцыя, адзін з магчымых варыянтаў.) Зразумела, што спосабы арганізацыі працы могуць быць самыя розныя. Але галоўны прынцып палягае ў тым, каб кожны меў ясна акрэсленыя функцыі ці абавязкі. Паміж асобнымі функцыянальнымі абавязкамі можа выявіцца няўзгодненасць, і тады яны могуць быць змененыя ці ўдакладненыя, але галоўнае, каб арганізацыя мела пэўную ўпарадакаванасць.

Кожны ўтвораны аддзел мусіць планаваць сваю дзейнасць. Рэпарцёрска-рэдактарскі аддзел, напрыклад, можа прадугледзець у сваіх планах асвятленне новых для сябе відаў навінаў, пашырыўшы, напрыклад, аб’ём інфармацыі са сферы культуры, і паставіць перад сабой задачу павышэння кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў. Рэкламны аддзел можа запланаваць павелічэнне продажу тэкставай рэкламы праз увядзенне адмысловых тарыфаў. У планах Адміністрацыі можа стаяць паляпшенне умоваў працы персаналу газеты. Аддзел распаўсюджвання можа планаваць апрабацыю новых метадаў у гэтай сфэры. Вытворчы аддзел можа планаваць пераход на новыя метады друкарскага набору і вёрсткі.

Усе гэтыя планы павінны быць выкладзеныя на паперы і перададзеныя выдаўцу ці галоўнаму рэдактару газеты, каб ён мог забяспечыць адпаведны аддзел рэсурсамі, неабходнымі для рэалізацыі яго планаў, ці, калі такіх рэсурсаў няма, прапанаваць аддзелу скараціць выдаткі альбо адкласці здзяйсненне намечанага да лепшых часоў. (Адсутнасць сродкаў ні ў якім разе не можа быць падставай, каб нічога не планаваць. Прэрагатыва планавання належыць кіраўніку аддзела, пасля чаго ён мусіць пераканаць выдаўца ў неабходнасці рэалізацыі сваіх планаў).

Такім чынам, сфармуляваўшы місію газеты і вызначыўшы колькасць яе аддзелаў, мы маем гатовымі два галоўныя элементы бізнес-плана.

Частка 2: Гісторыя газеты

Можа здавацца, што ўключаць у бізнес-план гісторыю газеты — штось не зусім дарэчнае. У рэшце рэшт, бізнес-план мае на мэце будучыню, а гісторыя цалкам тычыцца толькі мінулага. Але напісанне кароткай гісторыі вашай газеты – занятак карысны і нават неабходны. Перадусім, не ўсе вашыя супрацоўнікі ведаюць падрабязна мінулае газеты, нават калі яна заснаваная у бягучым дзесяцігоддзі. Інфармацыю пра мінулае варта распаўсюдзіць яшчэ і таму, што яна дазволіць вашым супрацоўнікам лепш разумець сэнс усяго прадпрыемства. Апроч таго, гісторыя — гэта тое, чым кожны можа ганарыцца, нават калі ў ёй ёсць цяжкія і складаныя моманты.

Безумоўна, ніхто за вас вашую ўласную гісторыю не напіша, але каб паказаць, як яна магла б выглядаць, ніжэй прапануецца наступны прыкладны ўзор:

Нашая газета была заснаваная ў 1992 годзе журналістамі, якія раней працавалі ў дзяржаўных газетах. Заснавальнікі паставілі за мэту забеспячэнне жыхароў нашага рэгіёну выключна праўдзівай і высокаякаснай інфармацыяй, а таксама абарону іхных правоў і інтарэсаў.

Назва нашай газеты дбайна падбіралася заснавальнікамі, каб адпавядаць гэтай задуме. Было разгледжана некалькі варыянтаў, улучна з некаторымі гістарычнымі назвамі, пакуль не спыніліся на сёньняшнім.

Нашая газета выходзіць раз на тыдзень па аўторках. Напачатку ў ёй было 16 старонак, у 1994 годзе іх колькасць вырасла да 24-х. Першапачатковы наклад складаў 5.000 экземпляраў. За мінулы час ён вырас да 10.000. Напачатку ў нас было чатыры супрацоўнікі. Сёння іх ужо дзесяць.

Напачатку нашая газета здымала маленькі пакойчык пад офіс і зусім не мела сваіх кампутараў. Сёння мы маем значна большы офіс і карыстаемся трыма кампутарамі для набору і вёрсткі.

Першыя два гады былі для газеты цалкам стратныя. Сёння яна прыносіць невялікі прыбытак.

Нашая газета шмат папрацавала, каб набыць у грамадстве добрую дзелавую рэпутацыю. Заўсёды, калі ў нас узнікала такая магчымасць, мы выступалі спонсарамі разнастайных грамадскіх падзеяў.

Цалкам зразумела, што гэтая гісторыя ўяўная, і вашая задача — знайсці і выбраць тыя элементы, якія вы хацелі б уключыць у сваю гісторыю. Але памятайце, што вы пішаце для тых, хто не быў з вамі ад самага пачатку. Зрабіце ўсё, каб вашая гісторыя была для іх дастаткова падрабязная і зразумелая.
Частка 3. Асяродак дзейнасці

Хоць кожны з вашых супрацоўнікаў будзе так ці інакш уяўляць сабе той асяродак, у якім у вашым рэгіёне адбываецца бізнесовая дзейнасць, для вас будзе надзвычай карысна выкласці ўсё гэта на паперы. Як і фармулёўка місіі, раздзел пра асяродак дзейнасці мае на мэце сабраць у адно і абагульніць размаітыя і крыху адрозныя погляды на гэтую праблему кожнага вашага супрацоўніка. Задача гэтага раздзела — дазволіць вам па-новаму зірнуць на навакольную сітуацыю.

Вельмі важна, каб вашае апісанне было шчырым і праўдзівым. Калі яно будзе занадта аптымістычным (альбо песімістычным), вы толькі падманіце самі сябе, а ў гэтым няма ніякага сэнсу. Таму раздзел павінен змяшчаць праўдзівыя апісанне і ацэнку умоваў гаспадарання, у якіх вам даводзіцца працаваць.

Ніжэй падаецца адзін з прыкладных узораў такога апісання:

У рэгіёне, дзе распаўсюджваецца нашая газета, жыве 150.000 чалавек. Большасць з іх працуе ў сельскай гаспадарцы. Каля 30% працуюць на прамысловых прадпрыемствах. Большасць прадукцыі гэтых прадпрыемстваў прадаецца ў Расіі, таму іх эканамічны стан у пэўнай ступені залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў гэтай краіне.

Усяго ў рэгіёне 18 прамысловых прадпрыемстваў. Палова з іх вырабляе тэкстыль, які пастаўляецца на расійскі рынак. Рэшта вырабляе дробныя прылады й іншую дробную прадукцыю. На самым вялікім прадпрыемстве маецца 2.200 супрацоўнікаў. З 18 прамысловых прадпрыемстваў 12 з’яўляюцца дзяржаўнымі, пяць – сумесныя прадпрыемствы і адно цалкам прыватнае.

Наш горад стаіць на скрыжаванні чыгуначных шляхоў, і таму мае надзейную і шчыльную – пасажырскую і таварную – сувязь як з іншымі рэгіёнамі краіны, так і з суседнімі дзяржавамі. Грамадзкі транспарт працуе няблага, хоць і не на ўзроўні савецкіх часоў. Трамвайных лініяў у горадзе няма, але тралейбусы й аўтобусы ходзяць дастаткова часта, каб забяспечыць гарадзкім жыхарам неабходную мабільнасць.

Заробкі зазвычай не затрымоўваюцца, але памер іх даволі нізкі – сярэдні заробак складае 0.000.000 рублёў у месяц (сярэдні заробак па краіне — 0.000.000 рублёў). 1

Рознічны гандаль складаецца з дзяржаўных і прыватных крамаў. Большасць з іх невялікія. Шмат якія змяшчаюць рэкламу ў нашай газеце. Нягледзячы на нізкія заробкі, таварны асартымент у нашым рэгіёне дастаткова шырокі, што можа сведчыць пра ўплыў ценевай эканомікі. Вялікая колькасць іншамарак на вуліцах яскрава паказвае, што даходы жыхароў нашага рэгіёна значна вышэйшыя, чым гэта адзначае афіцыйная статыстыка.

Хоць ніводнага новага буйнога прадпрыемства ў нашым рэгіёне за апошні час не паўстала, але дробных узнікае шмат. Гэтаксама шмат якія дзяржаўныя крамы сталі прыватнымі. У бягучы момант у нашым рэгіёне праводзіцца рэалізацыя некаторых урадавых інфраструктурных праектаў: будаўніцтва дзвюх магістраляў і трубаправода,— чакаецца, што ў наступным годзе гэтыя праекты дадуць шмат новых працоўных месцаў.

Колькасць грошай, якія прадпрыемства можа выдаткоўваць на рэкламу, усё яшчэ абмяжоўваецца ўрадавымі інструкцыямі, і таму рост даходаў ад рэкламы чакаецца слабы і будзе залежаць пераважна ад таго, колькі новых прадпрыемстваў-патэнцыйных рэкламадаўцаў нам удасца прыцягнуць.

Сёлета плануецца правесці агульнанацыянальны перапіс насельніцтва. Пасля яго правядзення мы будзем мець больш дакладныя дадзеныя што да насельніцтва нашага рэгіёна.

Пры складанні гэтага раздзела можа быць карысным пракансультавацца ў экспертаў з самых розных галінаў. Чым надзейнейшая статыстыка – тым карыснейшы будзе гэты раздзел, асабліва для вас. Змешчаная ў ім інфармацыя можа служыць асновай для распрацоўкі матэрыялаў як для агульнай прамоцыі вашай газеты, так і для планавання дзейнасці Рэкламнага аддзела. (Прыкладны узор падаецца ў дадатку В.)

Частка 4. Канкурэнтны асяродак

Кожная газета мае сваіх канкурэнтаў. Але пры гэтым важна разумець, што канкурэнцыя бывае розная. Напрыклад, іншая мясцовая газета можа канкураваць з вамі як за чытачоў (што тычыцца паступленняў ад падпіскі і продажу), так і за рэкламадаўцаў (што тычыца паступленняў ад рэкламы). Іншая канкурэнцыя будзе выяўляцца ў іншым. Напрыклад, газета, якая друкуе толькі рэкламныя абвесткі, будзе канкураваць з вамі пераважна за даходы ад рэкламы (і толькі за даходы ад рэкламы, калі яна пры гэтым распаўсюджваецца бесплатна).

Вашым канкурэнтам з’яўляецца любы сродак масавай інфармацыі, які звяртаецца да вашых спажыўцоў (чытачоў ці рэкламадаўцаў), маючы на мэце іх час альбо грошы. У першую чаргу, гэта, безумоўна, іншыя газеты. Але таксама і тэлебачанне, асабліва калі гэта незалежная мясцовая тэлестанцыя. Вельмі важна, каб усе члены вашага кіраўніцтва разумелі сутнасць канкурэнцыі. Перадусім гэта тычыцца супрацоўнікаў рэкламнага аддзела, але не менш гэта патрэбна й рэдактарам, якія змогуць тады рыхтаваць канкурэнтназдольныя матэрыялы.

Ніжэй падаецца прыкладны ўзор апісання канкурэнтнага асяродка:

У нашым рэгіёне маецца некалькі меншых за нашу незалежных газетаў і адна дзяржаўная, якая мае большы наклад і меншую рознічную цану. Ёсьць таксама рэкламная газета, якая распаўсюджваецца бясплатна і змяшчае толькі дробныя рэкламныя абвесткі. Існуе і мясцовая незалежная тэлестанцыя.

Лічбы, што ілюструюць канкурэнцыю сярод газет, выглядаюць так:

Назва газеты

Наклад

Перыядычнасць

Цана

Нашая газета

10.300*

раз на тыдзень

5.000 бел. руб

Дзяржаўная вечаровая газета

45.000**

двойчы на тыдзень

4.000 бел. руб.

Дзяржаўная газета

50.000**

тройчы на тыдзень

1.500 бел. руб.

Рэкламная газета

90.000+

раз на тыдзень

бясплатна

Яшчэ адна гарадзкая газета

8.000**

раз на тыдзень

1.000 бел. руб.



* Прадаваны наклад

** Друкаваны наклад. Няма дадзеных па колькасці прадаваных асобнікаў.

+ Рэкламная газета

Апроч таго, ёсьць фірмы, што займаюцца шчытавой рэкламай, але іх зусім няшмат. Паводле падлікаў нашых супрацоўнікаў, мы маем усяго дзесяць рэкламных шчытоў на галоўных дарогах нашага рэгіёну. Большасьць карыстальнікаў гэтым відам рэкламы – банкі.

Мясцовая незалежная тэлестанцыя перадае мясцовыя навіны (але толькі два разы на тыдзень) і вядзе пошук рэкламы мясцовага бізнесу. Вядуць вяшчанне на нашую тэрыторыю і некаторыя расійскія радыёстанцыі. Некаторыя з іх прапаноўваюць невялікія рэкламныя паслугі для кампаніяў, якія гандлююць у нашым рэгіёне.

Нягледзячы на тое, што большасць членаў вашага кіраўніцтва і так трымае гэтыя лічбы ў памяці, выклаўшы іх на паперы, вы зробіце сабе толькі лепш. Так, з гэтае табліцы вы зможаце ўбачыць, што хоць «Нашая газета» — самая дарагая, гэта яшчэ не сведчыць пра нешта дрэннае: гэтая ж табліца паказвае, што яе ўсё ж набываюць больш за 10.000 чалавек. І хоць дзяржаўная газета, маючы цану ў 1.500 рублёў, разыходзіцца ў колькасці 50.000 экземпляраў, даход ад распаўсюджвання «Нашай газеты» ў параўнанні з ёй, нават нягледзячы на наш невялікі наклад, складае 2/3 за кошт большай цаны аднаго нумару.

Сабраная ў адным месцы, такая інфармацыя дазваляе кіраўніцтву аналізаваць сітуацыю і планаваць адпаведныя захады з улікам наяўнай канкурэнцыі. Ці трэба зменшыць цану «Нашае газеты»? Нават калі наш наклад пры гэтым павялічыцца, як гэта адаб’ецца на нашых выдатках? Каб надрукаваць большы наклад, мы будзем вымушаныя патраціць больш грошай, але калі мы пры гэтым прадамо больш экземпляраў па ніжэйшай цане, ці акупіцца ўсё гэта? Такога тыпу пытанні могуць паўставаць і абмяркоўвацца, бо ўся небходная для аналізу інфармацыя будзе перад вашымі вачыма.

Такое самае пытанне можа тычыцца і рэкламных паслугаў. Напрыклад, калі вы панізіце вашыя рэкламныя расцэнкі, ці збераце вы настолькі болей рэкламы, каб пакрыць усе свае выдаткі,— у тым ліку выдаткі ад паніжэння расцэнак? У кожным выпадку важна мець пад рукой патрэбную інфармацыю, і тут якраз яна ў вас будзе.

Частка 5. Прыбыткі і страты за мінулы год (фінансавы баланс).

Адсюль пачынаюцца ўжо лічбы. Лічбы, вядома, не галоўнае, але ведаць іх абсалютна неабходна. Якія сумы складаюць вашыя выдаткі? Якія вы маеце даходы? На што ідуць грошы? Адкуль паступаюць даходы?

Палічыць усё гэта нескладана, і прыкладны ўзор тут падаецца. У ім мы спрабуем сістэматызаваць паводле катэгорыяў усе вашыя выдаткі і ўсе даходы. Хоць усё гэта можна рабіць і з дапамогай кампуразаванай табліцы, вялікай неабходнасці ў ёй няма. Форма інфармацыі тут не такая істотная, як змест!

Вось як магла выглядаць такая сістэматызаваная інфармацыя:

Прыбыткі і страты за мінулы год

  1. Артыкулы даходу

  2. Продаж газеты 0,000,000,000 бел.р.

  3. Продаж рэкламных паслугаў 0,000,000,000 бел.р.

  4. Іншае 0,000,000,000 бел.р.

  5. Папярэдняя сума даходаў 0,000,000,000 бел.р.

  6. Гранты

  7. Прэс Наў (Галяндыя) 0,000,000,000 бел.р.

  8. Усе даходы разам з грантам 0,000,000,000 бел.р.

  9. Выдаткі

  10. Папера 0,000,000,000 бел.р.

  11. Друк 0,000,000,000 бел.р.

  12. Офісныя выдаткі 0,000,000,000 бел.р.

  13. Камандыроўкі 0,000,000,000 бел.р.

  14. Маркетынгавыя выдаткі 0,000,000,000 бел.р.

  15. Заробкі персаналу 0,000,000,000 бел.р.

  16. Падаткі на заработную плату 0,000,000,000 бел.р.

  17. Падаткі на даходы 0,000,000,000 бел.р.

  18. Арэндная плата і камунальныя паслугі 0,000,000,000 бел.р.

  19. Розныя выдаткі 0,000,000,000 бел.р.

  20. Усяго выдаткаў 0,000,000,000 бел.р.
  21.   1   2   3   4   5   6
Учебный текст
© perviydoc.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации